ІТА́ЛА-ЭФІО́ПСКАЯ ВАЙНА́ 1895—96,
каланіяльная вайна Італіі супраць Эфіопіі. У 1885 Італія захапіла на Чырвоным м. порт Масаўа, які стаў базай для ваен. сутыкненняў з Эфіопіяй у 1887—88. Заключаны ў 1889 італа-эфіопскі дагавор аб дружбе і гандлі Італія стала тлумачыць як падставу для ўстанаўлення свайго пратэктарату над Эфіопіяй і захапіла шэраг яе паўн.-зах. раёнаў. Калі Эфіопія адвергла такія прэтэнзіі, італьян. армія пачала ваен. дзеянні і на працягу 1895 захапіла прав. Тыгрэ. Імператар Эфіопіі Менелік II заклікаў народ да абароны радзімы. 1.3.1896 у бітве пры Адуа 20-тыс. італьян. армія была разбіта. Паводле дагавора ад 26.10.1896 Італія вымушана была прызнаць незалежнасць Эфіопіі. Дапамогу Эфіопіі аказала Расія, накіраваўшы зброю (30 тыс. ружжаў, 5 млн. патронаў) і атрад Чырв. Крыжа на чале з ген. М.К.Шведавым. У аказанні дапамогі Эфіопіі ўдзельнічалі беларусы і ўраджэнцы Беларусі: ваен. ўрач Д.Л.Глінскі, ваен. спецыялісты А.К.Булатовіч, М.С.Лявонцьеў (ваен. саветнік Менеліка II) і інш.
Літ.:
Булатович А.К. С войсками Менелика II. М., 1971.
Ю.В.Бажэнаў.
т. 7, с. 350
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)